ГА́РЫН М.,
Гарын-Міхайлоўскі
[сапр. Міхайлоўскі Мікалай Ягоравіч (Рыгоравіч); 20.2.1852, С.-Пецярбург — 10.12.1906],
рускі пісьменнік. Скончыў Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1878). Працаваў у Мін-ве шляхоў зносін. У 1886 выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім маёнтку ў Самарскай губ., дзе беспаспяхова спрабаваў змяніць жыццё сялян шляхам гасп. і культ. пераўтварэнняў. Вярнуўся на службу. Шмат падарожнічаў. Літ. дзейнасць пачаў з канца 1880-х г. Большасць яго твораў маюць аўтабіягр. аснову. Па-мастацку перапрацоўваючы асабістыя ўражанні, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз сучасніка. Аўтар тэтралогіі «Дзяцінства Цёмы» (1892), «Гімназісты» (1893), «Студэнты» (1895), «Інжынеры» (выд. 1907), цыклаў нарысаў «Некалькі гадоў у вёсцы» (1892), «Па Карэі, Маньчжурыі і Ляадунскім паўвостраве», «Вакол свету» (абодва 1899), «Вайна. Дзённік сведкі» (1904). Асобныя творы Гарына на бел. мову пераклала У.Сакалоўская.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—5. М., 1957—58.
Літ.:
Юдина И.М. Н.Г.Гарин-Михайловский. Л., 1969;
Н.Г Гарин-Михайловский в воспоминаниях современников. Новосибирск, 1983.
т. 5, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)